Маўленчае развіццё дзяцей у Беларусі адбываецца ў сітуацыі блізкароднаснага руска-беларускага білінгвізму. Першай мовай, якой авалодваюць дзеці дашкольнага ўзросту, выступае руская. Пры гэтым прывучэнне дзяцей да беларускай мовы адбываецца таксама даволі рана. Дзеці чуюць яе па тэлебачанні, ў дзіцячым садзе. У выхаванцаў ствараюцца "жыццёвыя" ўяўленні аб рускай і беларускай мовах, назіраецца паступовае свядомае адрозненне гэтых моў. Адначасовае ж авалоданне дзецьмі дашкольнага ўзросту дзвюма мовамі (рускай і беларускай) пашырае іх светапогляд, спрыяе развіццю палікультурнай свядомасці і павялічвае патэнцыяльныя маўленчыя магчымасці.
Развіццё асобы дзіцяці ў грамадстве немагчыма без ведання роднай мовы. Дашкольны ўзрост з'яўляецца найбольш спрыяльным перыядам для авалодання дзецьмі беларускай мовай. Менавіта ў гэты прамежак жыцця ў дзіцяці фарміруецца цікавасць, патрэба да ведаў, якія адпавядаюць яго прыродным і індывідуальным магчымасцям, закладваецца фундамент ведаў роднай мовы.
У нашай дашкольнай установе паспяховаму авалоданню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове спрыяюць:
- арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове адзін раз на тыдзень працягласцю 20-25 хвілін у першай палове дня ў сярэдняй і старэйшай групах;
- уводзіны ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне казак, завучванне вершаў на беларускай мове;
- стаўленне да беларускай мовы ў пасіўнай форме з дзецьмі ад 3-х да 4-х гадоў падчас слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору;
- правядзенне музычных забаў "Каляды", "Гуканне вясны" .
Авалоданне беларускай мовай у дзiцячым садку адбываецца у адпаведнасцi з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыi.
Паважаныя мамы і таты, бабулі і дзядулі!
Чытайце дзецям кнігі на беларускай мове, наведвайце дзіцячыя спектаклі, тлумачце дзецям значэнне беларускіх слоў, размаўляйце з дзецьмі на роднай мове.
Давайце разам дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай!
Пачынаем размаўляць па-беларуску!
Ветлівасць
Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:
Дзякуем
Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!
Просім прабачэння
Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.
Радуемся
Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!
Жадаем
Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!
Імёны
Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.
Далучэнне дашкольнікаў
да вытокаў народнай культуры
з дапамогай малых форм фальклора”
Малыя фальклорныя жанры - мініяцюрныя паэтычныя творы, створаныя для дзяцей, якія маюць канкрэтны педагагічны кірунак. Яны ўпрыгожваюць мову педагога, робяць яе вобразнай і прыгожай, прыцягваюць увагу дзяцей. Забаўлянкі, пястушкі прыносяць радасць дзецям, выклікаюць у іх жаданне паўтараць словы за дарослымі, выконваць заданні выхавальніка, удзельнічаць у агульных гульнях.
Пястушкі выкарыстоўваюцца педагогамі ў розных рэжымных момантах: пад гукі гэтых вершаў і песень дзеці ахвотна мыюцца, прымаюць ежу, займаюцца. Жыццё дзіцяці становіцца цікавейшым, ярчэйшым, а ў яго самога лепш развіваюцца памяць, мысленне, увага, маўленне, а калі яно выконвае канкрэтныя рухі, то развіваюцца каардынацыя, узгодненасць, спрытнасць. У час расказвання пястушкі спярша выкарыстоўваецца нагляднасць, потым тлумачыцца сэнс новых слоў, улічваюцца вопыт і веды дзяцей.
Калыханкі- першыя для дзяцей ўзоры мастацкага слова. Навакольны свет у іх падаецца ў вобразах, даступных і зразумелых.
Ходзіць кот па сенажаці.
Кліча сон ён ля дзіцяці.
ой, сонечку-галубочку,
Прыспі маю Волечку.
У беларускім фальклоры шмат прыказак і прымавак. Дзеці з інтарэсам успрымаюць іх кароткі змест. Многія прыказкі і прымаўкі маюць павучальнае значэнне: яны ўсхваляюць працавітасць, гаспадарлівасць, умельства, вучаць любіць родны край, Радзіму, асуджаюць гультайства, зайздрасць – усё адмоўнае. Падбіраюцца яны па канкрэтнай тэме: пра Радзіму, працу, хлеб, навуку, поры года, з’явы прыроды, народныя прыкметы.
Павучальнасць прыказак і прымавак разумеецца дзецьмі паступова, і глыбіня іх разумеецца ў большай меры залежыць ад таго, насколькі часта выкарыстоўваюцца яны ў патрэбных момантах. Асабліва часта нашы выхаванцы прымяняюць іх у працоўнай дзейнасці, пры выкананні адказных даручэнняў.
Загадка – кароткае паэтычна-вобразнае апісанне прадмета або з’явы, якое даецца, як правіла, у форме пытання і адгадваецца па другарадных адзнаках, па прыкметах падабенства.
Лічыцца, што галоўная функцыя загадкі – развіваць ў чалавека мастацка-вобразнае мысленне, паэтычны погляд на рычаіснасць. У мінулым загадка служыла сродкам выпрабавання разумовых здольнасцей, іншасказальная, загадкавая форма з поспехам выкарыстоўвалася ў ваенных і пасольскіх справах. Загадкі, песні-загадкі надзвачай шырока ўжываліся ў вясельных абрадах, напрыклад, з мэтай “праверкі” разумовай сталасці жаніха.
Каштоўнасць традыцыйнай загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстроўвала гаспадарчую і творчую дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, побыт, працу, жывёльнасць, расліннасць, будову сусвету і да нашых дзён мае вялікае эстэтычна-мастацкае значэнне для выхавання дзяцей.
Загадкі:
Без кораня, а расце. (Камень)
Без ног бяжыць, без воч глядзіць. (Вада)
Лата на лаце, ніткі не знаці. (Капуста)
Цераз мяжу брат брата не бачаць. (Вочы)
Яркую акрэсленую выхаваўчую накіраванасць маюць беларускія народныя песні. Праз іх тэксты, лексіку дзеці ўзбагачаюць уяўленні аб наваколлі, прыродных з’явах, знаёмяцца з прыладамі працы, беларускімі назвамі месяцаў, дзён тыдня, нацыянальнымі стравамі, значна пашыраецца актыўны слоўнік.
Праз песню знаёмім выхаванцаў з лепшымі рысамі характару беларусаў: шчырасцю, чуласцю, сціпласцю, уважлівасцю. Фальклорныя песня дапамагае развіццю эмацыянальнай сферы дзяцей, падрыхтоўвае да выканання пэўных сацыяльных роляў.
Заняткі па азнаямленню дзяцей з вуснай народнай творчасцю пройдуць цікава, калі да іх удзелу далучыць бабуль і дзядуль, артыстаў тэатру, супрацоўнікаў музеяў, народных майстроў.
Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі варта памятаць, што першаасновай народнай педагогікі лічыцца культ працы, умелых рук і разумення свайго месца ў прыродзе, таму працоўная дзейнасць, спалучэнне яе з творамі вуснай народнай творчасці дазволіць зацікавіць дзяцей сумеснай працай.
На музычных занятках выхаванцы знаёмяцца з асаблівасцямі беларускай народнай музыкі, развучваюць беларускія танцы, спяваюць песні, знаёмяцца з народным тэатрам “Батлейка”.
Усвядомленаму імкненню дзяцей да авалодання культурнымі эталонамі, ўзаемадзеянню ў калектыве спрыяюць арганізацыя з дзецьмі ісцэніровак па казках, фантазіраванне, прыдумванне гісторый, выкананне творчага задання. Малыя формы фальклора актыўна ўключаюцца ў вядучы від дзейнасці – гульню, у дадзеным выпадку – гульню- драматызацыю. Гульні-драматызацыі даюць шырокі прастор для выяўлення ў дзяцей творчых здольнасцей, самастойнасці, ініцыятывы. Жывая інтанацыя маўлення, вобразныя і свабодныя рухі, міміка, жэсты надаюць гульням дзяцей натуральнасць і праўдзівасць. Гульня-драматызацыя аказвае актывізуючы ўплыў на развіццё выразнага беларускага маўлення, паколькі яна спалучае разам гульнёвую матывацыю і камунікатыўную накіраванасць. Дзеці старшай групы могуць драматызаваць творы як для сябе, так і для маленькіх гледачоў, для сваіх бацькоў. Да гульні-драматызацыі неабходна падрыхтаваць разам з дзецьмі атрыбуты, элементы касцюмаў. Выхавацель кіруе гульнёй, нагадвае і ўдакладняе змест казкі, сочыць за дакладнасцю вобразаў.
Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць народныя святы і абрады. Яны задавальняюць дапытлівасць дзяцей, іх эстэтычныя патрэбы, цягу рухаў, фарміруюць творчае мысленне, пабуджаюць да супрацоўніцтва, вучаць пазнаваць беларускую культуру. Поспех засваення мастацкіх твораў залежыць ад таго, наколькі яны зразумелыя дзецям і даюць магчымасць выконваць ролі адпаведных персанажаў, песень, суправаджаць спевы мімікай, рухамі.
раскрыть » / « свернуть